Сельская гаспадарка Беларусі
Се́льская гаспада́рка Белару́сі — галіна вытворчасьці Беларусі, што забясьпечвае вырошчваньне расьлінаў і гадоўлю жывёлы дзеля харчаваньня і прамысловай сыравіны.
Асноўнымі галінамі ёсьць мяса-малочная жывёлагадоўля, бульбаводзтва, ільнаводзтва і сьвінагадоўля. Паўсюдна разьвітыя збожжавая гаспадарка і вырошчваньне тэхнічных расьлінаў. Вылучаюць 5 зонаў адмыслоўваньня. У Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцях, а таксама на паўднёвым захадзе Менскай і ўсходзе Гомельскай вобласьцяў мелі пашырэньне пасевы пшаніцы. На пяшчанай і супяшчанай глебах Палесься часьцей сеялі жыта і кармавы лубін. У Віцебскай, Магілёўскай і Менскай абласьцях былі найбольшыя плошчы аўса і ячменю. На поўначы і паўночным усходзе сеялі лён-даўгунец. Пасевы цукровых буракоў засяроджваліся вакол 4 цукровых заводаў (Гарадзейскі, Жабінкаўскі, Скідзельскі і Слуцкі). У Лідзкім і Петрыкаўскім раёнах вырошчалі этэраалейныя расьліны. У Берасьцейскай, Гомельскай і Менскай абласьцях было больш пасеваў бульбы. У Менскім раёне было разьвіта агародніцтва. У Гомельскім і Менскім раёнах вылучалася садоўніцтва. Птушкагадоўля была найбольш аўтаматызаванай галіной жывёлагадоўлі. Буйнейшымі птушкафабрыкамі былі Аршанская, Баранавіцкая, Кобрынская, Менская і Смалявіцкая. На захадзе і поўдні больш разьвітая сьвінагадоўля. Сярод іншых галінаў жывёлагадоўлі разьвіцьцё атрымалі рыбаводзтва, зьверагадоўля і пчалярства[1].
Галіны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Жывёлагадоўля. Улучала гадоўлю буйной рагатай жывёлы, сьвінагадоўлю, конегадоўлю, пчалярства і рыбаводзтва.
- Расьлінаводзтва. Улучала збожжавую гаспадарку, бульбаводзтва, ільнаводзтва, буракаводзтва, пладаводзтва, агародніцтва, кормавытворчасьць і кветкаводзтва[2].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пры канцы 5-га тысячагодзьдзя да Н.Х. у Беларусі зьявіліся нэалітычныя сельскагаспадарчыя прылады[1]. З IV стагодзьдзя да Н.Х. пачалі вырошчваць проса. У І тысячагодзьдзі земляробы выкарыстоўвалі драўлянае прамаградзільнае рала з полазам. У ІХ стагодзьдзі на землях Беларусі зьявілася 2-зубая драўляная саха з 2 мэталічнымі сашнікамі, якая стала асноўнай ворнай прылада з X стагодзьдзя. Таксама выкарыстоўвалі драўляныя рыдлёўкі з мэталічнымі акоўкамі і мэталічныя матыгі. Ураджай зьбіралі мэталічнымі сярпамі зь лязом даўжынёй 25-30 см. Зерне малацілі драўлянымі цапамі. Лён і каноплі апрацоўвалі на ільнамялках ды часалі драўлянымі грабянямі. Зерне малолі на муку каменнымі жорнамі дыямэтрам да 30 см. Крупы выраблялі ў ручных і нажных ступах. З X стагодзьдзя вядомы лён. З ХІ стагодзьдзя азімае жыта стала вядучай зернявой культурай і стала вядомай грэчка. Трэцяе месца пасьля пшаніцы займаў ячмень. Сярод бабовых сустракаліся сачавіцы. Сярод гародніны былі вядомыя капуста, рэпа, цыбуля, буракі і агуркі. У папарным земляробстве прымянялі двух- і трохпольле. Паўсюдна разводзілі курэй і гусей, а таксама кароў і сьвіней[3]. У XIII стагодзьдзі землеўладаньне падзялілася на сялянскае і шляхецкае. Асноўнай галіной сельскай гаспадаркі было расьлінаводзтва. Вырошчвалі жыта, авёс, грэчку, гарох, лён-даўгунец і каноплі. Часткай сельскай гаспадаркі заставаліся такія промыслы, як пчалярства, рыбалоўства, паляваньне і рамяство. У XV стагодзьдзі зьявіліся фальваркі, скіраваныя на таварную вытворчасьць. У 1557 годзе вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст зацьвердзіў Уставу на валокі, якая прывяла да дакладнага ўліку земляў і аднастайнасьці сялянскіх павіннасьцяў. Сельская гаспадарка Беларусі стала асабістай праз падворнае землекарыстаньне. У выніку далучэньня да Расейскай імпэрыі ў канцы XVIII стагодзьдзя ў Беларусі пашырыліся пасевы бульбы, канопляў і льну. Сельскагаспадарчы крызіс 1880-х гадоў прывёў да пераўтварэньня малочнай жывёлагадоўлі ў асноўную галіну сельскай гаспадаркі Беларусі замест вытворчасьці збожжа. Важнымі кірункамі сталі авечкагадоўля і льнаводзтва. У 1906 годзе расейскі прэм’ер Пётар Сталыпін правёў зямельную рэформу, што пашырыла асабістае сялянскае землекарыстаньне. У 1913 годзе каля 75% насельніцтва Беларусі займалася сельскай гаспадаркай, якая дала 67,5% нацыянальнага прыбытку[1]. За мяжу ў асноўным пастаўлялі масла (Дзісенскае масла), мяса, лён і пяньку[2].
У 1925 годзе сельскагаспадарчая вытворчасьць Беларускай ССР аднавілася да ўзроўню 1913 году ў выніку новай эканамічнай палітыкі. У 1929 годзе пачалася калектывізацыя, што суправаджалася раскулачваньнем. Да 1935 году ў калгасы перайшло 92,3% пасяўных плошчаў і 85,6% гаспадарак. Сялянства прымусілі да адчужэньня ад вынікаў працы і сродкаў вытворчасьці, а таксама да неэквівалентнага абмену з горадам[1]. Таксама сялянаў адміністрацыйна прымацавалі без пашпартоў да калектыўных гаспадарак (дэ-факта вярнулі прыгоннае права). У 1940 годзе на долю калгасаў і саўгасаў у Беларускай ССР прыпадала 65% нарыхтовак збожжа, 77% — ільновалакна, 73% — малака, 46% — бульбы і 23% — мяса[2]. Налічвалася 10 000 калгасаў, 92 саўгасы і 36 машынна-трактарных станцыяў. Пасьля 1945 году калектывізацыю правялі ў Заходняй Беларусі[1]. У 1951 годзе сельскагаспадарчую вытворчасьць аднавілі да ўзроўню 1940 году. У 1950-я гады правялі мэліярацыю без належнага гаспадарчага і прыродаахоўнага абгрунтаваньня, а таксама мэханізацыю і электрыфікацыю калгасаў[2]. У 1970-я гады саўгасы сталі далучаць да харчовых прадпрыемстваў. У 1980-я гады заніжаныя заробкі ў сельскай гаспадарцы прывялі да скарачэньня долі сельскага насельніцтва да 35%[1]. У выніку Чарнобыльскай катастрофы 1986 году з гаспадарчага абароту выйшла 1/5 частка ўгодзьдзяў. З 1990 году праз стратнасьць паменшыўся збор ураджаю і пагалоўе жывёлы, што выклікала спад вытворчасьці мяса, малака і яек[2].
Са здабыцьцём незалежнасьці ў 1991 годзе пашырыліся асабістыя гаспадаркі і акцыянэрныя таварыствы. Аднак перавага адзяржаўленай уласнасьці калгасаў працягвала адахвочваць сялянства ад выніковасьці ў працы. Таксама заніжаныя ўрадам цэны на сельскагаспадарчую сыравіну перашкаджалі разьвіцьцю галіны[1]. У 1993 годзе ў сельскай гаспадарцы выкарыстоўвалі 123,1 тыс. трактароў, 70 400 грузавікоў, 25 500 збожжаўборачных, 10 000 сіласаўборачных, 8400 бульбаўборачных і 4000 ільноўборачных камбайнаў, а таксама 10 000 зернеачышчальных машынаў. Машыны дазвалялі мэханізаваць палявыя працы і жывёлагадоўлю. У 1994 годзе на сельскую гаспадарку прыпадала 26,3% асноўных фондаў краіны і 19,5% нацыянальнага даходу. Каля 34% валавай вытворчасьці далі асабістыя дапаможныя гаспадаркі калгасьнікаў і супрацоўнікаў саўгасаў, а таксама садова-агародніцкія таварыствы: 90% гародніны, 80% бульбы, 37% яек, 27% воўны, 24% малака і 13% мяса. У дзяржаўных закупках яны склалі 14% па воўне і 10% па бульбе. За 1990—1994 гады вытворчасьць у асабістых гаспадарках вырасла ў больш як 1,5 разы. Каля 3/4 пасеваў збожжа ў Беларусі складалі жыта і ячмень. Астатнюю плошчу займалі авёс, пшаніца, грэчка, кукуруза (на зерне) і проса. Зь зернебабовых вырошчвалі кармавы лубін, гарох, віку і фасолю. Ураджай харчовай бульбы забясьпечваў унутраныя патрэбы і пастаўляўся на вываз. Тэхнічныя расьліны займалі каля 5% пасяўной плошчы. Найбольш зь іх вырошчвалі лён-даўгунец, менш — цукровыя буракі. Таксама пачалі вырошчваць рапс, бо дагэтуль у Беларусі адсутнічала ўласная сыравіна для атрыманьня алею. Сенажаці і паша займалі 1/3 угодзьдзяў. Кармавыя расьліны займалі каля 40% пасяўных плошчаў: канюшына, люцэрна, кармавыя буракі, кукуруза і рапс на сілас, турнэпс і кармавы лубін. На корм жывёле ішло каля 70% валавога збору збожжа і зернебабовых, а таксама 40% бульбы. Агародніцтва было разьвіта вакол буйных гарадоў. Сярод 30 відаў пашыранай у Беларусі гародніны найбольшае значэньне мелі капуста, агуркі, таматы, буракі, радыска, рэдзька, цыбуля, часнок, салата, морква, пятрушка і кроп. З пладовых і ягадных культураў вырошчалі яблыні, сьлівы, грушы, вішні, чарэшні, парэчкі, агрэст, маліны і клубніцы. Асноўнай галіной жывёлагадоўлі заставалася разьвядзеньне буйной рагатай жывёлы зь перавагай мяса-малочных і малочных пародаў. Другой паводле значнасьці была сьвінагадоўля. Большасьць пагалоўя сьвіней знаходзілася ў сьвінагадоўчых комплексах, пабудаваных у 1970—1980-я гады. Птушкагадоўля засяроджвалася вакол вялікіх гарадоў, дзе месьціліся птушкафабрыкі, кшталту Менскай. Авечкагадоўля ператварылася ў дапаможную галіну жывёлагадоўлі, на якой адмыслоўваліся асобныя калгасы і саўгасы. Конегадоўляй займаліся адмысловыя конныя заводы, найбольшымі сярод якіх былі ў пасёлку Ратамка (Менскі раён), Амсьціслаўскім і Веткаўскім раёнах. Большасьць коней у асабістую ўласнасьць набывалі сяляне. Зьверагадоўляй займалася больш як 10 зьверагаспадарак, дзе гадавалі норак, серабрыста-чорных лісоў, пясцоў і нутрыяў. Пчалярства было пашырана ў пчолагадавальніках, на пчаліных фэрмах у калгасах і саўгасах ды сярод аматараў[2].
Год | Бульба | Збожжа | Цукровыя буракі | Гародніна | Садавіна | Ільно- валакно |
---|---|---|---|---|---|---|
1913 | 4,1 | 2,6 | 0,0328 | |||
1940 | 11,9 | 2,7 | 0,673 | 0,0365 | ||
1960 | 10,6 | 2,2 | 0,383 | 0,843 | 0,221 | 0,0844 |
1980 | 9,3 | 4,1 | 1,122 | 0,733 | 0,414 | 0,061 |
1990 | 8,6 | 7 | 1,479 | 0,749 | 0,373 | 0,052 |
1995 | 9,5 | 5,5 | 1,472 | 1,031 | 0,383 | 0,06 |
2000 | 8,7 | 4,5 | 1,474 | 1,379 | 0,299 | 0,037 |
2010[5] | 7,831 | 6,189 | 3,773 | 2,335 | 0,799 | 0,037 |
2018 | 5,865 | 5,814 | 4,806 | 1,746 | 0,954 | 0,04 |
На 1 студзеня 1995 году налічвалася 2951 асабістая гаспадарка, 1862 калгасы і 658 саўгасаў. На аснове шэрагу калгасаў і саўгасаў узьніклі акцыянэрныя таварыствы, таварыствы з абмежаванай адказнасьцю і агракамбінаты. У сярэднім на калгас прыпадала 3058 га ўгодзьдзяў, зь іх 1979 га ворнай зямлі. На саўгас — 2988 га ўгодзьдзяў, зь іх 2001 га ворнай зямлі. Асабістыя гаспадаркі мелі 60 900 га зямлі (609 км², 17,7 га на гаспадарку), 3032 трактары і 909 грузавікоў. На 1996 год большасьць калгасаў і саўгасаў заставалася стратнай і некалькі гадоў не набывала трактароў, угнаеньняў і гэрбіцыдаў. Іх пасяўныя плошчы скараціліся празь нястачу сродкаў на паліва. Адток вяскоўцаў у горад прывёў да перавагі ў сельскім насельніцтве пэнсіянэраў. Сярод працаздольных вяскоўцаў пашырэньне набыў алькагалізм. У Беларусі выкарыстоўвалі 9,3 млн гектараў (93 000 км²) угодзьдзяў, якія складалі 46% земляў Беларусі. Ворныя землі налічвалі 6,2 млн га (62 000 км²) зь іх (2/3). Прыродныя ўмовы Беларусі ўлучалі раўнінную паверхню, сярэднеўрадлівыя глебы, дастатак у цеплыні і вільгаці, а таксама ў працоўных рэсурсах. Сельскія гаспадаркі атрымлівалі большасьць прыладаў і мінэральных угнаеньняў ад мясцовых прамыслоўцаў: колавыя трактары, збожжаўборачныя камбайны, грузавікі і хімікаты супраць пустазельля і шкоднікаў. Большасьць сельскагаспадарчай сыравіны перапрацоўвалі мясцовыя прадпрыемствы харчовай і лёгкай прамысловасьці. Адмыслоўцаў для сельскай гаспадаркі рыхтавалі 4 ВНУ (Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках, Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўнівэрсытэт, Віцебская дзяржаўная акадэмія вэтэрынарнай мэдыцыны і Гарадзенскі дзяржаўны аграрны ўнівэрсытэт), 28 тэхнікумаў і 2 каледжы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Рэспублікі Беларусь па 60 спэцыяльнасьцях. У сельскагаспадарчых ВНУ дадалі 8 спэцыяльнасьцяў: 1) камэрцыйная дзейнасьць; 2) міжнародныя гаспадарчыя дачыненьні; 3) фінансы і крэдыт; 4) улік, аналіз і аўдыт; 5) прававое забесьпячэньне бізнэсу; 6) прамысловае рыбаводзтва, 7) радыялёгія, 8) вырошчваньне вострапрыпраўных і лекавых расьлінаў. На дзяржаўным узроўні склалі глебавыя мапы Беларусі і мапаграмы, правялі баніцоўку і мэліярацыю, праклалі міжгаспадарчыя дарогі і лініі высакавольнай электраперадачы. Дзейнічала Акадэмія аграрных навук Рэспублікі Беларусь, чые навукова-дасьледчыя інстытуты (Інстытут глебазнаўства і аграхіміі, Інстытут пладаводзтва) праз досьледныя гаспадаркі пастаўлялі сартавое насеньне і племянную жывёлу, а таксама ўкаранялі перадавыя прыёмы вытворчасьці[2]. У 2000 годзе сельская гаспадарка займала 16,5% у асноўных фондах пры 14,1% занятых, 12,7% у СУП і 6,7% укладаньняў у асноўны капітал. Налічвалася 2500 асабістых гаспадарак, 1730 калгасаў і 617 саўгасаў. Стратнымі былі 48,8% дзяржаўных прадпрыемстваў[1].
Год | Яйкі, млн | Малако, млн тонаў | Мяса (у забойнай вазе), тыс. тонаў |
---|---|---|---|
1913 | 413 | 1,4 | 219,3 |
1940 | 611,8 | 2 | 274,7 |
1960 | 867,8 | 3,2 | 401,8 |
1980 | 3035 | 6,1 | 857 |
1990 | 3657 | 7,5 | 1187 |
1995 | 3373 | 5,1 | 657 |
2000 | 3288 | 4,5 | 598 |
2010[6] | 3536 | 6,624 | 971 |
2018 | 3363 | 7,345 | 1226 |
Год | Птушка | Буйная рагатая жывёла | зь іх каровы | Сьвіньні | Авечкі і козы | Коні |
---|---|---|---|---|---|---|
1913 | 2,293 | 1,61 | 2,444 | 1,483 | 2,05 | |
1941 | 14,7 | 2,843 | 1,956 | 2,52 | 2,578 | 1,17 |
1961 | 18,6 | 3,666 | 2,021 | 3,164 | 1,213 | 0,519 |
1980 | 37,3 | 6,735 | 2,748 | 4,437 | 0,564 | 0,234 |
1990 | 49,8 | 7,166 | 2,439 | 5,204 | 0,51 | 0,219 |
1996 | 40,1 | 5,054 | 2,137 | 3,895 | 0,262 | 0,229 |
2000 | 30,1 | 4,221 | 1,845 | 3,566 | 0,174 | 0,217 |
2010[8] | 37,5 | 4,151 | 1,478 | 3,887 | 0,124 | 0,113 |
2018 | 51,2 | 4,341 | 1,498 | 2,841 | 0,151 | 0,043 |
На 1 студзеня 2018 году сельскагаспадарчыя землі Беларусі налічвалі 8501,6 тыс. гектараў (85 016 км²), што складала 40% земляў краіны. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы налічвалі каля 294 000 супрацоўнікаў і мелі 40 400 трактароў і 9500 збожжаўборачных камбайнаў. Прадпрыемствы трымалі 50,7 млн птушак, 4,4 млн буйной рагатай жывёлы (кароваў) і 3,2 млн сьвіней[9]. У 2018 годзе сельская гаспадарка дала каля 7% сукупнага ўнутранага прадукту Беларусі і забясьпечыла звыш 8% занятасьці ў краіне. Абсяг вытворчасьці перавысіў 18,8 млрд рублёў ($9,214 млрд), зь якога 56% ($5,3 млрд, +6,2%) паставілі за мяжу. Найбольш паставілі ў: Расею — каля 80%, Казахстан — 5,9%, Украіну — 2,3%, Летуву — 1,8% і Кітай — 1,6%[10].
На лістапад 2019 году 25 гаспадарак Беларусі займаліся арганічным земляробствам[11].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д е ё ж Генадзь Смалякоў. Сельская гаспадарка // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 14. — С. 313-314. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0238-5
- ^ а б в г д е ё Беларусь (Сельская гаспадарка) // Беларуская энцыкляпэдыя / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 3. — С. 32-35. — 511 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0068-4
- ^ Тацяна Каробушкіна. Сельская гаспадарка ў X—XIII стст. // Бібліятэка «Жыве Беларусь», 19 сакавіка 2010 г. Праверана 14 студзеня 2020 г.
- ^ а б Табліца 1. Вытворчасьць асноўных відаў с.-г. прадукцыі ў Беларусі // Беларуская энцыкляпэдыя / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 14. — С. 314. — 512 с.
- ^ 6.21. Валавыя зборы асноўных сельскагаспадарчы культураў // Сельская гаспадарка Рэспублікі Беларусь: статыстычны зборнік = Сельское хозяйство Республики Беларусь: статистический сборник / гал.рэд. І.В. Мядзьведзева. — Менск: Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь, 2019. — С. 83. — 212 с. — 41 ас. — ISBN 978-985-7184-72-9
- ^ 7.7. Вытворчасьць асноўных відаў прадукцыі жывёлагадоўлі ў гаспадарках усіх катэгорыяў // Сельская гаспадарка Рэспублікі Беларусь: статыстычны зборнік / гал.рэд. І.В. Мядзьведзева. — Менск: Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь, 2019. — С. 147. — 212 с.
- ^ Табліца 2. Пагалоўе жывёлы і птушкі ў Беларусі // Беларуская энцыкляпэдыя / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 14. — С. 314. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0238-5
- ^ Пагалоўе жывёлы і птушкі (рас.) // Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 14 студзеня 2020 г.
- ^ Сельская гаспадарка Беларусі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 15 лістапада 2018 г. Праверана 12 студзеня 2020 г.
- ^ Беларусь знаходзіцца сярод сусьветных лідэраў па вырошчваньні льновалакна, жыта і журавінаў // БелТА, 15 лістапада 2019 г. Праверана 12 студзеня 2020 г.
- ^ Тацяна Ступакевіч. Анатоль Анатольевіч Амельчанка – доктар, які лечыць зямлю // Газэта «Дзяньніца» (Шчучын), 8 лістапада 2019 г. Праверана 20 сьнежня 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Рэспублікі Беларусь: закупныя цэны на вырабы расьлінаводзтва (рас.)
- Аддзяленьне аграрных навук // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2020 г. Праверана 14 студзеня 2020 г.
- Сельская гаспадарка // Газэта «Зьвязда», 29 лістапада 2019 г. Праверана 14 студзеня 2020 г.
- Сельская гаспадарка // «Эўрарадыё», 29 лістапада 2019 г. Праверана 14 студзеня 2020 г.
- Сельская гаспадарка (рас.) // Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 14 студзеня 2020 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |